Конкурс прыгажосці
Музей дзяцінства
Аднойчы лялькам абвясцілі пра конкурс прыгажосці. Да ўдзелу запрашаліся фабрычныя лялькі, а таксама іх прабабулі, з якіх фабрычная вытворчасць і пачыналася.
Лялькі вельмі хваляваліся, бо журы складалася з асоб аўтарытэтных – тых, хто гандлюе старажытнымі прадметамі і разбіраецца ў іх каштоўнасці, а таксама калекцыянераў лялек. Усе яны сядзелі, начапіўшы на насы акуляры, толькі і марылі знайсці ў ляльках якія-небудзь хібы.
Першай рашылася паказацца строгім суддзям лялька з Францыі:
– Мой род вядзе адлік ад пачатку 14 стагоддзя, – пачала аповед яна. – Менавіта тады ў Францыі з’явілася лялечная вытворчасць, а лялек сталі вырабляць з дрэва, матэрыі, радзей – з гліны. Рабілі іх на замову і прыбіралі ў шыкоўныя сукенкі. Я і мае сваячкі, нібыта мадэлі на подыуме, дэманстравалі апошнія моды.
Пасля выйшла лялька з Англіі:
– Як і большасць лялек свайго часу, я зроблена з хвоі – любімага матэрыялу англійскіх майстроў-лялечнікаў. Нас стваралі адмысловыя майстры-разьбяры. І кошт на нас прызначаўся вельмі высокі, і дарылі нас дарослым, а не дзецям.
Пасля адна за другой пайшлі драўляныя лялькі 16 – 17 стагоддзяў з Германіі, а за імі – васковыя сваякі, створаныя ў канцы 17 стагоддзя.
– Заўважце: нямецкі горад Мюнхен быў на той час цэнтрам па выпуску лялек з воску! – важна прамовіла адна з іх.
А вось на подыум выйшлі лялькі, з якіх на пачатку 19 стагоддзя ў Еўропе пачалася фабрычная вытворчасць. Пасля з’явіліся фарфоравыя: іх на пачатку 19 стагоддзя пачалі вырабляць у Германіі, Францыі і Даніі.
– Стоп, даволі! – сказала задаволенае журы. – На сёння досыць! Усе лялькі чароўныя. Усіх ганаруем тытулам найлепшых, ніхто не пасарамаціў свайго роду!
Тыя, хто паспеў выступіць, вельмі ўзрушыліся, а тыя, да каго не дайшла чарга, – засмуціліся. Адзін пупс пачаў нават гучна абурацца: “Дзе справядлівасць? Я сам з гумы, а мае сваякі – з каўчуку і вінілу! Хіба вінаватыя мы ў тым, што пазней з’явіліся на свет і нас штампавалі тысячамі?”
Сайт музея: www.museumd.by
Алена МАСЛА